Прэзыдэнт Славеніі апынулася ў цэнтры скандалу праз магчымую сувязь з расейскай выведкайГісторыя наб…

Нацыянальная бясьпека. Дайджэст

Прэзыдэнт Славеніі апынулася ў цэнтры скандалу праз магчымую сувязь з расейскай выведкай

Гісторыя набыла розгалас пасьля звычайнай аўтамабільнай аварыі 31 ліпеня. У службовым аўтамабілі прэзыдэнткі Наташы Пірц Мусар, акрамя яе, знаходзіліся дзьве сяброўкі. Спачатку адміністрацыя адмовілася называць іх імёны, але славенскія СМІ высьветлілі, што адной зь іх была Вікторыя Крывалоцка, ураджэнка Расеі і даўняя сяброўка прэзыдэнткі.

Далей журналісты Dnevnik і аўстрыйскага APA праверылі расейскія базы дадзеных і выявілі нечаканы факт: Крывалоцка ў Расеі была зарэгістраваная па адным адрасе ў Краснаярску з Раманам Еглічам, былым намесьнікам кіраўніка славенскай выведкі, які ў 90-х уцёк у Расею. Пазьней сама Крывалоцка пацьвердзіла, што некалькі гадоў была зь ім у адносінах, калі абодва працавалі ў Расеі. Яна сьцьвярджае, што ўжо каля 15 гадоў ня мае зь ім кантактаў.

Высьветлілася таксама, што Пірц Мусар і Крывалоцка неаднаразова разам езьдзілі ў Расею яшчэ да прэзыдэнцтва.

На гэтым фоне апазыцыя запатрабавала абмежаваць доступ прэзыдэнта да сакрэтнай інфармацыі. Пры гэтым няма пацьверджаньня, што сама Пірц Мусар або Крывалоцка супрацоўнічалі з расейскай выведкай. Крывалоцка гэта катэгарычна адмаўляе, а адміністрацыя прэзыдэнта заяўляе, што перад атрыманьнем грамадзянства ў 2016 годзе яна прайшла праверку бясьпекі.