Вокны і сталы. Якая яна палітычная рэальнасьцьПэўная частка апазіцыі ў постаці Ціханоўскай і АПК зьв…
Пэўная частка апазіцыі ў постаці Ціханоўскай і АПК зьвярнулася да Лукашэнка з прапановай “дыялогу”, бо вакно магчымасьцяў зачыняецца, і рэжым Лукашэнкі можа паўтарыць лёс Мадура.
Не буду казаць, што такія заявы гэта працяг неверагоднай наіўнасьці і спробы нагадаць пра сябе, карыстаючыся “чужым сьвятам”. З большага – гэта пакажчык сістэмнага неразуменьня (нейкага палітычнага невуцтва) таго, што адбылося ў Венесуэле, што зараз адбываецца ў Беларусі і ўвогуле ў рэгіене. Такое ўражаньне, што людзі зваліліся з Юпітэра. Мне ізноў усе гэта нагадвае пострэвалюцыйныя варажбы, калі пасьля паразы “рэвалюцый” шмат якія палітыкі казалі, што Лукашэнка вось вось сыдзе, ці памрэ. Але рэчаіснасьць трошкі іншая.
Па-першае, зусім не зразумела пра якое вакно магчымасьцяў вядзецца гаворка, у Лукашэнкі як раз з вокнамі ўсе добра, яны пакуль што павольна, але расчыняюцца, а не зачыняюцца, пра што сьведчаць візіты пасланьнікаў Трампа і адкрыцьце межаў. А вось для апазіцыі прадстаўленай Офісам і АПК, вокны зачыняюцца і асноўная стратэгічная задача гэтых структур захаваць крыніцы фінансаваньне (стварыць новыя фонды), на сітуацыю ў Беларусі і тым больш на працэсы набліжэньня перамен гэта не ўплывае;
Па-другое, пры ўсей брутальнасьці рэжыму Мадура ў Венесуэле функцыянавала і дзейнічала апазіцыя, яна была прысутная ў парламэнце і была падстаўлена ў рэгіянальных уладах. Апазіцыя на сёньняшні дзень у Беларусі як палітычная з’ява цалкам адсутнічае, як і грамадзянская супольнасьць. У краіне ўсталявалася татальная сістэма кіраваньня, для існаваньня якой непатрэбныя ніякія кампрамісы і тым больш з апазіцыяй, якая страціла ўнутраную падтрымку і давер;
Па-трэцьцяе, ЗША захапілі Мадура не таму, што ён займаўся рэпрэсіямі і фальсіфікаваў выбары, а таму, што ягоны рэжым быў завязаны ў транзіт наркотыкаў у ЗША і адкрыта абапіраўся ў сваёй вонкавай палітыцы на Кітай і Расею. Усе гэта сварала непасрэдныя пагрозы для бясьпекі ЗША. Беларусь, прынамсі зараз, ніякай пагрозы для ЗША не стварае, ды і не ўстане стварыць;
Чацьвертае, у вайсковым і стратэгічным плане Беларусь і так знаходзіцца пад зьнешнім кіраваньнем з боку Расеі. Офіс-АПК сьцьвярджае: “лёс Вэнэсуэлы зараз будзе залежыць у значнай ступені ад вонкавых чыньнікаў”. Дзе тут логіка, праз гэтыя 5 год ОФІС-АПК стала прызывалі да вонкавага ўмяшальніцтва ў сітуацыю ў Беларусі, спачатку Расею, потым Захад, прызывалі нават да сілавога ўздзеяньня на рэжым Лукашэнкі. Структуры, створаныя ў 2020-2022 ў 100% залежаць ад вонкавага прызнаньня і падтрымкі (то бок, ужо відавочны вонкавы чыньнік і ўплывы). Пагроза для зяржаўнасьці ўжо створана, у тым ліку дзякуючы сістэмнай ізаляцыі Беларусі і абмежаваньням праз зраўнаньне Беларусі з Расеяй у тым ліку дзякуючы дзеяньня Офіса-АПК;
Пятае, зусім не зразумела, што рэальна прапануюць гэтыя структуры Лукашэнку, акрамя “круглага стала”? Аддаць уладу? Ну, давайце пафантазіруем. Якая яму розьніца, як ён страціць уладу (проста яе аддасьць), ці яго зрынуць “невядомыя, абстрактныя вайскоўцы”? Больш таго, як можна прапанаваць перамовы і дыялог, калі тыяж АПК-Офіс ў дадатак. Літва намагаюцца адвезьці Лукашэнка ў Гаагу.
Але ізноў, любы “круглагы стол”, умоўна азначае кампраміс, напрыклад, гарантыі крымінальнага неперасьледу для кіраўніцтва і сілавікоў, адмова ад правядзеньня люстрацыі, захаваньне пры ўладзе часткі існуючай наменклатуры.
І трэба разумець, што за любым круглым сталом стаіць рэальная сіла і моц, якой у апазіцыі нават блізка няма. Пра іншае нават і казаць не трэба.
Зараз жа Лукашэнцы няма ніякай патрэбы ісьці на саступкі: бюракратычна-сілавы аппарат даволі эфектыўна функцыянуе дзеля ўтрыманьня сістэмы. Рэсурсаў на утрыманьне гэтага апарату дастаткова, што паказалі апошнія пяць год. Фатальнага крызісу (кшталту іранскага) пакуль не назіраецца; Палітычныя пасіянарыі (каля 300 тыс.,) выехалі за мяжу; цэнтр прыняцьця рашэньня ў краіне кансалідаваны і аператыўны.