“Зяленскі прапанаваў Захаду выцягнуць Беларусь з зоны ўплыву Расеі. Мой кароткі каментар проста з Мю…

“Зяленскі прапанаваў Захаду выцягнуць Беларусь з зоны ўплыву Расеі. Мой кароткі каментар проста з Мюнхена. Гістарычная прамова прэзідэнта Украіны, якая выразна ўключае Беларусь у сферу вольнага свету, там дзе Еўрапейскі звяз і НАТО. Калі гэтую ідэю падтрымае ЗША, то ў нас ёсць надзея на лепшую будучыню, надзея на вяртанне нашай Радзімы.

На Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі прэзідэнт Украіны акрэсліў, дзе, паводле яго, мае прайсці мяжа «паміж вайною і мірам», а фактычна – паміж Расеяй і Захадам, перадае карэспандэнт «Белсату». Як сказаў Уладзімір Зяленскі, у гэтую лінію бяспекі патрэбна залучыць усходнюю мяжу Беларусі.

«У пэўны момант будзе мяжа паміж вайною і мірам. Дзе яна пройдзе і наколькі трывалаю будзе, залежыць ад нас. Мая прапанова – украінская ўсходняя мяжа, беларуская ўсходняя мяжа, усходнія межы балтыйскіх дзяржаваў, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта самая бяспечная лінія для ўсіх нас у Еўропе, бо гэта лінія міжнароднага права», – заявіў Уладзімір Зяленскі ў праграмнай прамове на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі.

Украінскі прэзідэнт таксама паўтарыў словы з свайго нядаўняга інтэрв’ю выданню «The Economist» пра тое, што Расея рыхтуе новыя дывізіі з 150 тысячамі жаўнераў, і папярэджанне пра пагрозу беларуска-расейскіх вучэнняў, якія плануюцца сёлета:

«Гэта тое самае, як яны разварочвалі войскі перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну тры гады таму. Гэтыя расейскія сілы ў Беларусі для нападу на Украіну? Імаверна. А, імаверна, і не. Можа, яны для вас? Дазвольце нагадаць, што Беларусь мяжуе з трыма краінамі NATO, яна стала плацдармам для расейскіх вайсковых аперацыяў».

Зяленскі збіраецца абмеркаваць Беларусь з Доналдам Трампам
Спаслаўшыся на заявы Пуціна і Лукашэнкі, Зяленскі адзначыў, што ў Беларусі цяпер маецца «забароненая зброя, ракеты сярэдняй далёкасці і нават ядравая зброя».

«Пуцін выразна разглядае Беларусь проста як іншы рэгіён Расеі. І мы мусім быць рэалістычнымі, калі нехта рыхтуе вайсковы плацдарм, мы мусім спытаць: што нам з гэтым рабіць? І больш важна: што мы можам зрабіць да наступнага ўварвання?» – сказаў прэзідэнт Украіны.”
С. П.