Можа так здаецца з-за экзотыкі гор, мора й сонца, а можа менавіта там ім удалося неяк па-асабліваму трапна сінхранізаваць свае дзеяньні. Як бы яно ні было, хай застаецца сакрэтам да перамогі. А пакуль аб’яднаньне беларусаў у Грузіі выглядае проста паказальным.
Канешне, нам адсюль ня тое каб добра відаць, але сітуацыі паўсюль падобныя. Таму й патрэбна такая, няхай і аднабаковая, але ўсё ж сувязь між групоўкамі.
І калі камусьці з вас пачынае здавацца, што прыйшоў час скласьці рукі, то ў вас ёсьць мы, і мы непасрэдна з падпольля акупаванай Беларусі нагадваем: варта трымацца. А калі хто перажывае, што прышлося зьехаць, мы зноў паўторым лішні раз: значнасьць укладу высьвятляецца ня месцам знаходжаньня, а колькасьцю энэргіі, якую чалавек вылучае на барацьбу.
Мы верым у наш агульны супраціў і бачым, што на кожнае дзеяньне ворагу прыходзіцца адшукваць супрацьдзеяньне. Калі ён канчаткова зьнясіліцца, настане той самы час, і мы ўсе разам будзем сьвяткаваць яго на радзіме.
А пакуль важна падтрымліваць адзін аднаго й працягваць варушыцца. Не пакідаць старых метадаў узьдзеяньня, але й шукаць новыя. Не абмяжоўвацца Тбілісі ці Батумі, які стаў сталіцай беларускага пратэсту ў Грузіі, наладжваць сувязь паміж дыяспарамі беларусаў па грузінскіх гарадах, а таксама з мясцовымі актывістамі й праваабаронцамі.
Хай выглядае так, што грузінскія ўлады занялі лаяльную пазіцыю ў адносінах да дыктатараў, але ніводная краіна не складаецца з адных сваіх уладаў. Шмат сумленных людзей на месцы могуць дапамагчы нашай барацьбе, і шмат хто з іх ўжо дапамагае.
Усім ім перадавайце нашу шчырую падзяку й самі ня вешайце носа! Абдымаем вас!
ძალა ერთობაშია! Жыве Беларусь!