​Святлана Ціханоўская скончыла візіт у Страсбург: стварылі Кантактную групу ў Радзе Еўропы, абмяркоў…

Святлана Ціханоўская скончыла візіт у Страсбург: стварылі Кантактную групу ў Радзе Еўропы, абмяркоўвалі трыбунал для Лукашэнкі

Падчас візіту Святлана Ціханоўская выступіла на Сусветным Форуме за дэмакратыю, арганізаваным Радай Еўропы. У форуме прымалі ўдзел прадстаўнікі больш чым 100 краінаў свету. Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Тайні Коксам і генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. Падчас візіту ў сваіх прамовах яна распавядала пра неабходнасць раздзяляць рэжым і народ, незаконнасць размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і дапамогу палітвязням.

Таксама ў Страсбургу Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у запуску Кантактнай групы Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю. У групу ўвайшлі прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, незалежных журналістаў, моладзі, дзеячаў культуры, дыяспары, гендарных актывістаў, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў.

– Рада Еўропы прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Я рада, што цяпер створаная Кантактная група. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносін такога роду, – сказала генсек Рады Еўропы Пейчынавіч-Бурыч.

Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ПАРЕ Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць запрашэння прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і групаў на пасяджэнне ПАРЕ ў статусе назіральнікаў. Таксама гаворка ішла пра стварэнне трыбунала супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых, аналіз Венецыянскай камісіяй праекту Канстытуцыі, распрацаванага дэмакратычнымі сіламі.

На сустрэчы з мэрам Страсбурга Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць правядзення ў горадзе беларускіх мерапрыемстваў ды запрашэння беларускіх выдаўцоў і аўтараў у Страсбург, якому ЮНЕСКА надала статус сусветнай сталіцы кнігі ў 2024 годзе.