Ісландыя на гэтым тыдні пачала прэзідэнцтва ў Радзе Еўропы, а з 1 студзеня – Ісландыя будзе старшыняваць у Радзе Паўночных краінаў, куды ўваходзяць Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Данія, Ісландыя.
Святлана Ціханоўская наведала Рэйк’явік з працоўным візітам, дзе сустрэлася з прэм’ер-міністаркай, міністаркай замежных спраў, спікерам парламента і дэпутатамі, першай ледзі. Таксама яна выступіла на Рэйк’явіцкім глабальным форуме і распавяла пра ролю жанчын у беларускім пратэсце і сітуацыю з палітвязнямі.
Ціханоўская перадала ісландскаму кіраўніцтву і парламентарам спіс прапановаў, якія могуць быць рэалізаваныя падчас ісландскага прэзідэнцтва ў Радзе Еўропы:
– запуск праектаў падтрымкі грамадзянскай супольнасці і падрыхтоўкі рэформаў у межах працы Кантактнай групы пры Радзе Еўропы;
– удзел дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі ў Саміце Рады Еўропы ў траўні;
– запрашэнне прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацыяў і партыяў у ПАРЕ ў статусе назіральнікаў ці спецзапрошаных;
– стварэнне групы сяброў Беларусі ў Паўночнай Радзе;
– ініцыяваць запуск расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных інстытуцыях па адным з трох напрамкаў: злачынствы супраць чалавечнасці, саўдзел у ваеннай агрэсіі, міграцыйны крызіс;
– запуск міжнароднай праграмы рэабілітацыі для дзяцей палітвязняў і былых палітвязняў;
– спрашчэнне міграцыйных працэдураў для беларусаў, якія выехалі з Беларусі па палітычных матывах і ў сувязі з вайной ва Украіне.
Пасля сустрэчы з Ціханоўскай міністарка замежных спраў Тордзіс Кальбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоцір далучылася да ўжо міжнароднага флэшмоба і напісала ў твітары «Жыве Беларусь».