Падчас першага афіцыйнага візіту ў Канаду Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Трудо, міністаркай замежных справаў Жалі, міністаркай абароны Ананд, спікерам сенату Фʼюры. Таксама Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР.
Пра што дамовіліся падчас візіту?
– Да канца года Канада разгледзіць пакет падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Ужо была нададзеная падтрымка на 3 мільёны канадскіх даляраў жаночым ініцыятывам, праваабаронцам, медыям, а таксама беларускаму праекту Chatham House, які праводзіць апытанні грамадскай думкі ў Беларусі.
– Будзе пашыраная парламенцкая група сяброў дэмакратычнай Беларусі. Праз яе будзе адбывацца афіцыйная камунікацыя паміж парламентам Канады і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Ціханоўская заклікала парламент прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму, а КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі
– Канада будзе падымаць пытанне Беларусі ў G7, АБСЕ і ААН, каб не дапусціць паглынання Беларусі Расіяй, а таксама прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за тэрор у Беларусі і вайсковыя злачынствы супраць Украіны.
– Святлана Ціханоўская прапанавала Канадзе разглядзець магчымасць запуску рэабілітацыйнай праграмы для дзяцей палітвязняў па прынцыпе чарнобыльскіх праграмаў, і стажыровак ды стыпендыяў для беларусаў. Таксама Ціханоўская папрасіла Канаду забяспечыць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне неабходнымі зімовымі рэчамі і абсталяваннем.