Беларусы і беларускі!Кожны дзень 2022 даваў нам прычыны для суму: ваенныя хронікі змяняліся навінам…

Беларусы і беларускі!

Кожны дзень 2022 даваў нам прычыны для суму: ваенныя хронікі змяняліся навінамі судоў і затрыманняў, а крызіс стаў амаль нормай. Але ён жа дараваў і нагоды для гонару: заўсёды знаходзіліся беларусы, якія здзіўлялі нас сваёй годнасцю.

Мы яго перажылі, гэты 2022 — і гэта дакладна добрая навіна.

Гэта тое, што нам увесь шлях падказвае гісторыя: усё праходзіць, пройдзе і гэта. Мы, беларусы, перажывем і 2023, і 2024, і ўсіх дыктатараў, і што б там ні было пасля.

Наш лёс і наш досвед падказваюць, што цяжкія часы прасцей перажываць, калі штосьці робіш. Працуеш з тым, што любіш і ведаеш, у ва што верыш. І тысяча бонус-пойнтаў, калі гэтае штосьці так ці інакш дапамагае тым, каму цяжэй, чым нам.

*Сумленныя Людзі у 2022 працавалі, каб дапамагчы не толькі сабе, але і іншым перажыць гэты год трошкі лягчэй.

Гуртавалі беларусаў супраць «рэферендума», а потым — і супраць вайны. Натхнялі размаўляць са сваімі роднымі і ратаваць іх з палону прапаганды. Вучылі бараніць свае правы і разам з другімі беларусамі ўмацоўвалі падмурак нашага народнага суверэнітэту.

І мы дакладна ведаем: тое, што мы рабілі ў 2022, было недарма. Кожны, хто яго перажыў і застаўся беларусам, мае права лічыць яго пераможным. Мы на цяжкім шляху, але гэты шлях — да свабоды і годнасці. І калі помніць аб гэтым, то і перашкоды не ламаюць, а загартоўваюць.

Таму *Сумленныя Людзі кажуць вам, трошкі цытуючы Тараса Шаўчэнку: «Жывіце і перажывеце. Рабіце і зробіце, дапамагайце і дапаможаце».

З Новым годам, беларусы і беларускі!

@honestpeople_by
#мычестныелюди #строимгражданскоеобщество

Фота: https://www.instagram.com/palasatka