Падабаецца падарожнічаць. Новыя краіны, новыя людзі, новыя ўражанні! Цяпер, вядома, не моцна размахнешся, калі ты “на зямлі”, то бок у Беларусі. А так хочацца паглядзець, як тамака людзі (нашы і не толькі) за мяжой пажываюць. Вось і панесла мяне з гэтай цікавасці на канал “Беларусы Замежжа”.
Зразумела, што там не простыя беларусы, а самыя сапраўдныя змагары. Але тым цікавейшае.
І вось адразу трапляю на прэс-канферэнцыю “Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы”. Прыемна пазнаёміцца!
Ідзем далей. Так тут — сапраўдны цэнтр асноўных навін. Рэпосты з іншых каналаў у дапамогу.
Насычана жывуць нашыя беларускія дыяспары. Вось беларусы Бельгіі віншуюць палітвязняў з днём нараджэння. “Французскія беларусы” урачыста адкрылі фрэску, якую намалявалі беларускія мастакі Аляксей і Іна Лосікі.
А тут падаспела і мужнае прывітанне ад беларусаў Прагі. Яны дапамагаюць беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца ва Ўкраіне.
Канал “кіпіць” навінамі. Хочаш суполку ствараць — вучыся, хочаш больш беларускай мовы — падтрымлівай ініцыятывы, хочаш рабіць дабро — наперад!
Прывітаннi з Радзімы цешаць вока! А як інакш, бо тысячы і тысячы тых, каго мы клічам беларусамі замежжа, спяць і бачаць, як гуляюць па родных мясцінах, абдымаюць блізкіх. Яны мараць вярнуцца і робяць для гэтага ўсё магчымае.
Беларусы свету — мы разам! Мы — сіла!