Год з пачатку вайны…24 лютага 2022 года расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.Год… Шм…

Год з пачатку вайны…

24 лютага 2022 года расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.

Год… Шмат гэта ці мала?
З пункту гледжання гісторыі, год – гэта імгненне.  З пункту гледжання колькасці забітых, параненых, згвалтаваных, выкрадзеных, вымушаных уцякаць ад вайны людзей, год – гэта цэлая вечнасць.

Для таго, каб аддаць загад бамбіць гарады, патрэбна хвіліна.
Для таго, каб выехаць з горада ў бяспечнае месца, патрэбна некалькі дзён.
Год вайны – гэта вельмі шмат жудасных дзён.

Для таго, каб пабудаваць будынак, трэба некалькі месяцаў, гадоў.
Для таго, каб разабраць завалы ад траплення ракеты ў будынак і паспрабаваць выратаваць людзей, трэба некалькі гадзін.
Год вайны – гэта вельмі шмат жудасных гадзін.

Для таго каб чалавек навучыўся бегаць, трэба некалькі гадоў.
Для таго, каб дабегчы да падвалу і схавацца, трэба некалькі хвілін.
Год вайны – гэта вельмі шмат жудасных хвілін.

Для таго, каб нарадзіцца, патрэбна 9 месяцаў.
Для таго, каб памерці – дастаткова секунды.
Год вайны – гэта вельмі шмат жудасных секунд.

Год вайны – гэта 31 536 000 жудасных секунд…

Кожны гэты жахлівы дзень, гадзіну, хвіліну, секунду – беларусы ўсім сэрцам з украінцамі! 

Мы, супольнасьць “Беларусы Замежжа”:
падтрымліваем украінскі народ у вайне супраць нашага агульнага ворага – расіі;
патрабуем неадкладнага спынення агню і вываду расійскіх войскаў з тэрыторый Беларусі і Украіны;
ганарымся і падтрымліваем беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне; кіберпартызан; валанцёраў;  рэйкавых партызан і ўсіх беларусаў у Беларусі і за яе межамі, хто працягвае змагацца ў сілу сваіх магчымасцей і абставін;
заклікаем сусветную супольнасць даць Украіне ўсё неабходнае ёй узбраенне;
лічым нелігітыны рэжым у Беларусі са-агрэсарам і заклікаем памятаць пра злачынную ролю лукашэнкі ў гэтай вайне;
выступаем за вяртанне ўсіх тэрыторый Украіны ў межах 1991 года;
заклікаем да сінхранізацыі санкцый супраць расіі і рэжыму лукашэнкі;
выказваем упэўненасць, што ўсе ваенныя злачынцы панясуць заслужанае і справядлівае пакаранне.

Мы верым у Беларусаў!
Мы верым ва Ўкраінцаў!
Мы верым у справядлівасць!
Мы верым, што Дабро абавязкова пераможа Зло!

Салідарнасць – наша сіла!

Жыве Беларусь! 
Слава Украіне! 

Беларусы Замежжа | Даслаць навіну