Аб’яднаны Пераходны Кабінет: Беларусь — не губернія Расіі, і мы не дазволім ёй такой стацьПрэзідэнт …

Аб’яднаны Пераходны Кабінет: Беларусь — не губернія Расіі, і мы не дазволім ёй такой стаць

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Беларусь «больш не з’яўляецца незалежнай, гэта яшчэ адна губернія Расійскай Федэрацыі». Аб’яднаны Пераходны Кабінет лічыць, што такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народа. Беларусь — гэта не губернія Расіі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць.

Беларусь як дзяржава сапраўды страчвае свой суверэнітэт праз паглыбленне залежнасці ад Расіі. Да гэтага вядуць злачынныя дзеянні расійскага кіраўніцтва і марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі. Аднак адбываецца гэта насуперак волі беларускага народа, яго імкненню да незалежнасці і свабоды.

Абсалютная большасць беларусаў выступае за незалежнасць Рэспублікі Беларусь, супраць уступлення Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, гэтаксама як і супраць удзелу ў развязанай пры падтрымцы нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі агрэсіі супраць Украіны. На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы змагаліся і зараз мужна змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны і дапамагаюць Украіне дамагчыся перамогі над Расіяй.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет вітае заяву лідараў Літвы, Польшчы і Латвіі да Генеральнага сакратара НАТА, у якой сцвярджаецца, што беларускі народ мае патрэбу ў падтрымцы. Дэмакратычная, вольная, незалежная, еўрапейская Беларусь важная для Альянсу і для ўсіх нашых міжнародных партнёраў.

У сувязі з гэтым Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае кіраўніцтва ўсіх краін-саюзніц дэмакратычнай Беларусі выступіць з заявамі ў абарону суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Неабходна асудзіць дзеянні Расіі па падрыве беларускага суверэнітэту і прыцягнуць яе кіраўніцтва да адказнасці.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае краіны-партнёры практычнымі захадамі падтрымаць беларускі народ у ягоным супраціве дыктатуры і супрацьдзейнічаць спробам інкарпарацыі нашай краіны з боку Расіі.

@CabinetBelarus