Прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў прынятую Еўрапарламентам рэз…

Прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў прынятую Еўрапарламентам рэзалюцыю па Беларусі

«Акрамя падрабязнага апісання і фіксацыі бягучай сітуацыі ў Беларусі, дзе адбываюцца парушэнні практычна ўсіх правоў чалавека, у гэтай рэзалюцыі падкрэсліваецца, што Лукашэнка зʼяўляецца паўнавартасным саўдзельнікам злачыннай агрэсіі супраць Украіны.

Таксама ў рэзалюцыі Еўрапарламент называе выхад рэжыму Лукашэнкі з «Усходняга партнёрства» нелегітымным, бо яго рашэнні не прадстаўляюць волю беларускага народа.

Адметна, што Еўрапарламент заклікае еўрапейскія інстытуты і краіны не прызнаваць любыя пагадненні з Расіяй, якія ставяць пад пагрозу і нават аддаюць Крамлю суверэнітэт Беларусі.

Важнай часткай новай рэзалюцыі зʼяўляюцца заклік да санкцый супраць рэжыму, іх узмацненне, процідзеянне спробам некаторых краін паслабіць санкцыйны ціск супраць беларускага калію, заклік да прызнання Беларусі і Расіі краінамі з высокімі рызыкамі адмывання грошай і спонсарства тэрарызму. Пагрозай для памагатых рэжыму стане і тое, што ў рэзалюцыі прапаноўваецца звярнуць увагу на сваякоў хаўруснікаў рэжыму і перагледзець выданыя ім візы і ВНЖ у ЕС.

І, вядома ж, мы вітаем заклік да ўключэння беларускіх дэмсіл і Абʼяднанага Пераходнага Кабінета ў палітычныя працэсы ў ЕС, у любыя абмеркаванні, якія тычацца Беларусі. Гэта падмацоўвае нашу субʼектнасць.

Чаму ў рэзалюцыю не патрапілі некаторыя сённяшнія праблемы беларусаў? Чаму няма ані слова пра нацыянальны пашпарт Беларусі? 

Праект рэзалюцыі разглядаўся яшчэ ў ліпені, таму ён не ўлічыў шакіруючую вестку пра тое, што рэжым адмовіў грамадзянам Беларусі ў консульскіх паслугах за мяжою. Але гэтая праца наперадзе. Бо мы маем субʼектнасць і падтрымку, якую надае Еўрапарламент беларускім дэмакратычным сілам і Абʼяднанаму Пераходнаму Кабінету Беларусі».

Таксама прадстаўнік адзначыў, што гэта ўжо дзявятая рэзалюцыя з 2020-га года, а вынікі галасавання (453 з 514 – «за») паказваюць салідарную пазіцыю па Беларусі ва ўсіх установах ЕС.

@CabinetBelarus