Пачынае працу служба «Адно акно» для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсійСтварэнне службы был…

Пачынае працу служба «Адно акно» для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій

Стварэнне службы было ініцыіравана Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета

Дапамогу можна будзе атрымаць на сайце службы праз званок, чат, электронную пошту ці ліст на адрас. Таксама звярнуцца па падтрымку можна будзе праз Instagram, Facebook, Telegram, Viber. Дапамога аказваецца бясплатна і канфідэнцыяльна.

Служба «Адно акно» – інфармацыйна-кансультацыйная платформа, на якой будзе збірацца і рэгулярна абнаўляцца інфармацыя аб магчымай дапамозе. Пакуль яна працуе ў тэставай версіі.

На гэты момант у інфармацыйнай базе службы сабраны 245 арганізацый, якія аказваюць дапамогу нашым грамадзянам або адказваюць за вырашэнне многіх сацыяльных пытанняў. Сярод іх – дзяржарганізацыі ў Беларусі, беларускія НДА ў выгнанні і мясцовыя ініцыятывы ў іншых краінах.

Адкрыццё службы пракаментавала прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова:

«Да многіх з нас людзі звяртаюцца па дапамогу: у некага затрымалі блізкага чалавека – і ён шукае адваката, дапамогу з перадачамі. Камусьці патрэбна дапамога, каб прыняць рашэнне аб эвакуацыі, хтосьці адбыў несправядлівае пакаранне, хтосьці пакутуе ад хатняга гвалту, хтосьці ў стрэсе закрываецца і пачынае ўжываць алкаголь, камусьці не налічваюць пенсію ці патрэбная медыцынская рэабілітацыя.

Мы можам аб’ядноўвацца і дапамагаць адно аднаму, гэта паказаў наш летні анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё роўна!».


Служба «Адно акно» – наступны крок у гісторыі нашай узаемападтрымкі. Веру, што мы можам супрацьстаяць спробам аўтарытарнага рэжыму настроіць нас адно супраць аднаго».

Кантакты службы «Адно акно» можна знайсці на яе афіцыйным сайце by.social.

Карыстальнікам з Беларусі рэкамендуецца рабіць гэта праз VPN – у мэтах бяспекі.

@CabinetBelarus