Польшча гатовая вырашаць праблемы сацыяльных выплат для беларусаўНамеснік кіраўніцы Кабінета Павел Л…

Польшча гатовая вырашаць праблемы сацыяльных выплат для беларусаў

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з намеснікам міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Себасцьянам Гаеўскім

Намеснік міністра быў праінфармаваны аб масавых рэпрэсіях, парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, знішчэнні грамадзянскай супольнасці. Себасцьян Гаеўскі ад імя ўрада Польшчы выказаў салідарнасць з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі сіламі.

Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытанняў сацзабеспячэння беларусаў у Польшчы: выплату пенсій грамадзянам Беларусі, дапамогі на дзіця «800+» і інш.

Намеснік міністра растлумачыў: пенсія можа быць выплачана або на падставе працоўнага стажу ў Польшчы (мінімум стажу – адзін дзень), да якога можа быць залічаны стаж у Беларусі, або ў рамках двухбаковага дагавора з Рэспублікай Беларусь аб узаемным сацзабеспячэнні.

Себасцьян Гаеўскі выказаў гатоўнасць вывучыць магчымасці выплат пенсій без звароту ў дзяржорганы Беларусі для асоб, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь і знаходзяцца пад міжнароднай абаронай.

Намеснік міністра паведаміў: урад Польшчы рыхтуе змены ў заканадаўства, якія ліквідуюць прабелы, пры якіх грамадзянін Беларусі, які мае гуманітарны ВНЖ і страціў працу, пакуль не можа разлічваць на статус беспрацоўнага.

Павел Латушка прапанаваў міністэрству стварыць адзіную і даступную для беларусаў інфармацыйную крыніцу аб сацыяльным забеспячэнні ў Польшчы. Прапанова была падтрымана: польскі ўрад ужо мае досвед падобнай працы з украінскімі бежанцамі, а беларусы – другая па колькасці група замежнікаў у Польшчы.

Намеснік міністра таксама адзначыў, што кожны грамадзянін Беларусі можа звярнуцца па індывідуальныя тлумачэнні ў Ведамства сацстрахавання Польшчы (ZUS).

Дамовіліся, што Кабінет будзе інфармаваць міністэрства па абагуленых праблемах беларусаў, датычных палажэнняў польскай сацыяльнай палітыкі.

Беларусы могуць паведамляць Кабінету і НАУ аб распаўсюджаных праблемах сацзабеспячэння для падрыхтоўкі абагуленых запытаў у міністэрства.

@CabinetBelarus