Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запусціла базу арганізацый для пералічэння падаходнага падатку

Беларусы Замежжа

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні сабрала базу арганізацый, якім беларусы могуць накіраваць частку падаходнага падатку

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі абвясціла пра запуск новай базы беларускіх арганізацый і ініцыятываў, якім можна пералічыць частку ўжо выплачанага падаходнага падатку праз адпаведныя механізмы ў еўрапейскіх краінах.

У спіс увайшлі некамэрцыйныя структуры, зарэгістраваныя ў Польшчы, Літве, Эстоніі і Італіі — ад культурных і асветніцкіх праектаў да сацыяльных, праваабарончых і медыйных ініцыятываў, якія працягваюць працу дзеля падтрымкі беларускай супольнасці за мяжой.

Паводле аўтараў праекта, такі інструмент дазваляе беларусам непасрэдна ўплываць на развіццё значных для дыяспары і краіны ініцыятываў. Гаворка ідзе не пра дадатковыя выплаты: гэта сродкі, якія і так паступаюць у бюджэт, але цяпер іх можна адрасна накіроўваць тым, хто вядзе важную працу.

Адзначаецца, што нават невялікія сумы могуць стаць крытычнымі для многіх арганізацый — дапамагчы аплаціць арэнду, утрымаць каманду, правесці мерапрыемствы, падтрымаць людзей у складаных сітуацыях або запускаць новыя праекты, якія ўмацоўваюць беларускую прысутнасць у Еўропе.

Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета, падкрэсліў значэнне новага інструмента падтрымкі:

«Гэта не проста тэхнічная магчымасць — гэта механізм салідарнасці, які дазваляе кожнаму беларусу ўнесці свой унёсак у агульную справу. Адраснае накіраванне часткі падатку — гэта спосаб падтрымліваць тыя арганізацыі, што робяць рэальныя справы і захоўваюць беларускі голас у Еўропе. Мы заклікаем карыстацца гэтай магчымасцю і падтрымліваць праекты, якія вам сапраўды важныя».

АПК заклікае беларусаў за мяжой правяраць свае падатковыя механізмы ў краінах пражывання і карыстацца магчымасцю падтрымліваць важныя ініцыятывы. Адпаведная інфармацыя — у далучаным файле.

@CabinetBelarus