Польшча падоўжыла спрошчаную выдачу праязнога дакументу для беларусаў
Галоўнае адрозненне ад стандартнага парадку палягае на тым, што заяўніку не трэба даказваць немагчымасць атрымання новага пашпарту ў беларускіх уладаў. Такі парадак будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2026 году. Адпаведнае распараджэнне Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы набыло сілу сёння – 1 студзеня.
Грамадзяне Беларусі таксама вызваленыя ад выплаты дзяржаўнага збору за выдачу польскага праязнога дакументу для замежніка. Гэта вызваленне дзее бестэрмінова.
Польскі праязны дакумент для замежніка выкарыстоўваецца ў якасці часовага дакументу для выезду за мяжу і пацверджання асобы. Спрошчаны парадак для беларусаў увялі з 1 ліпеня 2023 года і ўжо не раз падаўжалі яго. Праязны дакумент асабліва актуальны для беларусаў, бо ўлады нашай краіны ў 2023 годзе адмовіліся выдаваць і мяняць пашпарты сваіх грамадзянаў за мяжой.