Пра стан палітзняволенай Вікторыі Кульшы– Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулі…

Пра стан палітзняволенай Вікторыі Кульшы

– Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская:

«Вікторыя Кульша можа стаць першай палітзняволенай жанчынай, якая загінула ў лукашэнкаўскіх засценках.

Мы не ведаем дакладна, калі Вікторыя распачала галадоўку – інфармацыя ад палітвязняў амаль не даходзіць з-за ізаляцыі. Але калі чалавек ідзе на такое, гэта заўсёды азначае адно: усе іншыя спосабы ўжо вычарпаны. Галадоўка – знак роспачы, крык “Я не маю іншага выйсця!».

Як сведчыць Паліна Шарэнда-Панасюк, перад сваім вызваленнем у лютым 2025 года яна бачыла Вікторыю Кульшу ў ПК-24. Паводле яе слоў, Вікторыя выглядала як «жывы нябожчык»: моцна схуднела, ледзьве рухалася, мела ацёкі на твары. Пасля некалькіх галадовак у яе былі праблемы з сэрцам, ныркамі і гінекалогіяй. У студзені яе змясцілі ў ШІЗА на 60 дзён, дзе яе, як сцвярджаецца, катавалі холадам, у камеры цякла вада, фортка не зачынялася. Паралельна распрацоўвалася новае абвінавачанне па артыкуле 411. Вікторыя казала, што ў выпадку новага абвінавачання распачне галадоўку да канца – і выканала свой намер.

Цяпер Вікторыя знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці – не таму, што хоча гэтага, а таму што яе прымусілі абставіны, у якіх няма месца для справядлівасці. Гэта спроба дагрукацца да свету, які занадта часта адварочваецца. Палітвязні не павінны змагацца з рэпрэсіямі самі. Мы не маем права маўчаць. Мы абавязаныя гаварыць, распаўсюджваць праўду і дамагацца рэакцыі ад міжнароднай супольнасці.

Заклікаем медыя, палітыкаў, праваабаронцаў і ўсіх неабыякавых людзей – зрабіць публічныя заявы, патрабаваць доступу адваката, меддапамогі і поўнага вызвалення Вікторыі Кульшы.

Яшчэ ёсць час яе ўратаваць. Але яго ўсё менш.

Мы інфармуем міжнародных партнёраў і прадстаўнікоў краін ЕС пра сітуацыю з Вікторыяй Кульшай і ўжо звярнуліся з просьбай аб тэрміновай дапамозе»

@CabinetBelarus