Святлана Ціханоўская – пра прапагандысцкі фільм «Чужое неба» і падман людзей для яго стварэння«Тое, …

Святлана Ціханоўская – пра прапагандысцкі фільм «Чужое неба» і падман людзей для яго стварэння

«Тое, што адбываецца, – абуральна. Выкарыстоўваць людзей ва ўразлівым стане, якія даверыліся знаёмым ці «журналістам» у спадзяванні атрымаць дапамогу, і ператварыць іх гісторыі ў інструмент прапаганды – гэта чарговае сведчанне таго, што рэжым абыякавы да чалавечага жыцця. Людзі, якія апынуліся ў цяжкіх умовах менавіта з-за рэжыму, заслугоўваюць падтрымкі і разумення, а не выкарыстання для «карцінкі» пра тое, як «дрэнна» ўцекачам. Цяжка ўявіць, што адчулі героі гэтага фільма, калі пабачылі, што іх словы, якія запісваліся нібыта для атрымання падтрымкі, апынуліся на экране дзяржаўнага тэлебачання.

Некаторыя героі кажуць, што здымкі вяліся нібыта ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай. Але мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі. Усе ініцыятывы, якія ідуць ад нашага Офіса або пры нашым садзейнічанні, абавязкова прытрымліваюцца ўсіх прынцыпаў бяспекі: мая каманда не згадвае імёны без згоды і не дзеліцца ні з кім вашымі персанальнымі дадзенымі.

Цяпер асабліва важна быць пільнымі. Калі вы ўдзельнічаеце ў апытаннях, інтэрв’ю ці праектах дапамогі – удакладняйце, з кім маеце справу. Правярайце, ад каго ідзе ініцыятыва, звяртайцеся да рэдакцыяў, каб праверыць журналіста, з якім камунікуеце. Не саромейцеся казаць «не», калі нешта выклікае сумнеў. Беражыце сябе, расказвайце іншым пра неабходныя меры бяспекі і не дазваляйце нікому выкарыстоўваць вашую даверлівасць».

Калі да вас звяртаюцца з запытам нібыта ад Офіса Святланы Ціханоўскай, калі ласка, праверце гэта з дапамогай нашых афіцыйных каналаў сувязі:

Афіцыйны бот – @AskOffice_Bot (з дзвюма літарамі “f”).
Вы можаце звязацца з намі праз афіцыйную пошту [email protected]
Кантакт у Signal – askoffice_chat.15