Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ – з 1 ліпеня 20…

Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ – з 1 ліпеня 2025 года

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета атрымала афіцыйны адказ на запыт адносна прызнання адукацыі, атрыманай у Беларусі, для паступлення на навучанне ў Польшчы.

Адказ быў прадстаўлены спецыялістамі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы паводле даручэння дырэктаркі Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Клаўдыі Торэс-Бартызель.

«Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы зрабіла прапанову ў праект закона, які рыхтуе МЗС. Згодна з гэтым, Міністэрства адукацыі змяняе некаторыя законы, каб ліквідаваць парушэнні ў візавай сістэме і норму, якая дазволіць асобам з Беларусі паступаць на навучанне ў Польшчы паводле правіл, якія дзейнічалі да дэнансацыі Пагаднення. Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ», – сказана ў лісце.

Нагадаем, што гаворка ідзе пра аднабаковую дэнансацыю Беларуссю пагаднення паміж урадамі Польшчы і Беларусі аб прызнанні эквівалентнасці ў сферы вышэйшай адукацыі, роўнасці навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва. Гэта прывяло да змены ўмоў паступлення грамадзян Беларусі на навучанне ў Польшчы з 3 лістапада 2023 года, з-за чаго цяпер разам з заявай абітурыент павінен прадставіць у кураторыюм асветы дакумент, які пацвярджае здачу экзаменаў ЦТ і ЦЭ з улікам тэрміну іх дзеяння – для прызнання права на паступленне ў польскія ВНУ.

Новы закон уступіць у сілу 1 ліпеня 2025 года. Заявы, пададзеныя ў кураторыюм асветы і не разгледжаныя да 30 чэрвеня 2025 года, будуць разглядацца з улікам гэтых змен. Акрамя таго, з 1 ліпеня пытанні, звязаныя з прызнаннем права на паступленне ў польскія ВНУ, будуць перададзеныя ў кампетэнцыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA).

Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета: «Мы вельмі ўдзячныя польскаму боку за разуменне тых цяжкасцей, з якімі сустракаюцца студэнты з Беларусі пры спробе падаць дакументы ў польскія навучальныя ўстановы, і ўхваляем гэтыя канкрэтныя крокі да дэмакратызацыі патрабаванняў. Безумоўна для многіх маладых беларусаў выбар еўрапейскай адукацыі на сёння застаецца вельмі пажаданай опцыяй, паколькі забяспечвае большыя кампетэнцыі і дае лепшыя жыццёвыя перспектывы. Мы застаемся ў далейшай камунікацыі з профільнымі міністэрствамі Польшчы для вырашэння іншых пытанняў, звязаных з інтарэсамі і патрэбамі беларускіх грамадзян. Для тых студэнтаў, хто сёння апынуўся ў складанай сітуацыі праз нястачу належных дакументаў, з’явілася надзея на яе хуткае выпраўленне».

@CabinetBelarus