«Беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі …

«Беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза», — Святлана Ціханоўская

Сёння ў Гаазе адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. Падчас канферэнцыі яны распавялі падрабязнасці пра перадачу ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.

Упершыню міжнародная судовая інстытуцыя афіцыйна разгледзіць злачынствы рэжыму, што сведчыць пра сур’ёзнасць адносінаў да сітуацыі ў Беларусі на сусветным узроўні. Гэта не толькі ўзмоцніць міжнародны ціск на рэжым, але і створыць прэцэдэнт для іншых краінаў звяртацца ў суды па справах супраць рэжыму Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская пра працэс, ініцыяваны Літвой:

«Беларусь стала арэнай масавых злачынстваў і буйнамаштабных міжнародных злачынстваў: масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні, гвалтоўныя знікненні, адвольныя турэмныя заключэнні і забойствы, якія здзяйсняюцца рэжымам. І ўсе гэтыя злачынствы адбываюцца ў поўнай беспакаранасці вінаватых».

«Гэтыя злачынствы можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці. Яны здзейсненыя найвышэйшымі службовымі асобамі рэжыму супраць беларусаў у выгнанні. І часткова яны адбыліся на тэрыторыі краінаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Мы хочам, каб свет пачуў гэта: беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза».

«Сёння мы заклікаем іншыя краіны падтрымаць перадачу Літвой справы ў МКС. Прадэманструйце сваю прыхільнасць ідэалам і каштоўнасцям дэмакратычнага свету і справядлівасці. Мы просім Вас скарыстацца сваім правам, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статута».

«Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда стане першай дамовай, ратыфікаванай Новай Беларуссю пасля падзення дыктатуры. У новай Беларусі не будзе месца ні міжнародным злачынствам, ні злачынцам, якія імкнуцца схавацца ад міжнароднага правасуддзя. Беларусь стане тэрыторыяй, на якую распаўсюджваецца юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда».