#dissidentby Памілавання не адбылося ці што адбываецца з людзьмі, якія вышлі апошнім часам? Са шматл…

#dissidentby
Памілавання не адбылося ці што адбываецца з людзьмі, якія вышлі апошнім часам?

Са шматлікіх крыніц нам стала вядома, што людзей, якія выйшлі апошнім часам па так званым “памілаваннімасава і гвалтоўна вярбуюць беларускія чэкісты. Пра гэта таксама паведамляў Андрэй Стрыжак (BYSOL), а таксама пацвярджалі ў BYPOL.

Пад пагрозамі новага пераследу і ціскам на сям’ю, служкі КДБ патрабуюць ад палітвязняў падпісаць шэраг папераў, пагадзіцца на ўдзел у прапагандысцкіх відэа, забараняюць выезд з краіны, а таксама патрабуюць супрацы ў агентурнай дзейнасці супраць дэмакратычных сіл, фондаў дапамогі і праваабарончых арганізацый.

Ад людзей патрабуюць звяртацца ва ўсе мажлівыя фонды і структуры дэмакратычных сілаў і “зліваць” любую інфармацыю, якая дапамагла б знішчыць каналы падтрымкі рэпрэсаваных ці нанесці іншую шкоду апазіцыйным структурам. Часта гэта звязана з устаноўкай спецыяльнага праграмнага забеспячэння на дэвайсы “памілаваннага”, каб супрацоўнікі рэжыму маглі праводзіць агентурную дзейнасць літаральна ў рэжыме анлайн.

Мы катэгарычна асуджаем ціск з боку ўладаў і сілавікоў на былых палітзняволеных праз такія формы гвалтоўнай вярбоўкі і выкарыстання людзей рэжымам у сваіх палітычных мэтах.

Калі ласка, паведамляйце любым магчымым спосабам пра выпадкі вярбоўкі і ціск у вашым дачыненні. Мы цалкам разумеем вашу сітуацыю і паспрабуем забяспечыць дапамогай з улікам гэтых абставінаў.