Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова і яе намеснік па пытаннях аховы здароў…

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова і яе намеснік па пытаннях аховы здароўя Станіслаў Салавей – да Дня медыцынскага работніка

Вольга Гарбунова: «Дарагія медработнікі! Віншую вас з прафесійным святам. Вам часта гавораць пра гераізм, пакліканне і абавязкі. Я ж упэўненая, што нагадваць вам пра іх няма патрэбы.

Нягледзячы ні на што, вы застаецеся ў прафесіі, змагаецеся з цяперашнім становішчам рэчаў у сістэме аховы здароўя, працягваеце гаварыць праўду. А ў эміграцыі вучыцеся інавацыям для новай Беларусі.

Мне хацелася б казаць не столькі пра высокія ідэалы, колькі пра ваш высокі дабрабыт, якога вы заслугоўваеце. Бо я хачу, каб за словамі аб пакліканні, абавязку і гераізме ўлада перастала хаваць эксплуатацыю вашай працы і свае ж пралікі. Хачу, каб ніколі больш медык у Беларусі не пачуў: «Вы ж ведалі, куды ішлі!»

Разам нам трэба зрабіць усё магчымае, каб у краіне не было медыкаў-палітвязняў і палітвязняў у прынцыпе, каб акадэмікі не пазбаўляліся сваіх пасад з-за грамадзянскай пазіцыі, а лекарам і фельчарам хуткіх не даводзілася бачыць жудасныя траўмы, якія ўлады наносяць грамадзянам за мірныя патрабаванні аб справядлівасці.

У Прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы Кабінета пытанні аховы здароўя вынесены ў асобны кірунак, які ўзначальвае мой намеснік Станіслаў Салавей. Мы адкрытыя для прапаноў і запытаў, якія маглі б дапамагчы нам змяніць сітуацыю ў ахове здароўя Беларусі».

Станіслаў Салавей: «Асноўная задача, якая перад намі стаіць зараз, – распрацоўка праекта рэформ сістэмы аховы здароўя пераходнага перыяду. Спадзяюся, яны ў адпаведны момант вернуць сістэму аховы здароўя Беларусі ў нармальнасць. І, вядома, сярод нашых прыярытэтаў – адвакацыя правоў медыкаў у замежжы, дапамога ім у інтэграцыі ў сістэмы аховы здароўя іншых краін. Працы яшчэ вельмі шмат – і мы разлічваем на ваш удзел у ёй. Са святам!»

@CabinetBelarus