Відавочна, што сілавікі апошнімі днямі прыходзяць да людзей, якія працавалі на выбарах-2020 назіральнікамі. Сцэнар гэтых “візітаў” прыкладна такі: ад чалавека патрабуюць разблакаваць смартфон і глядзяць, на якія каналы ён падпісаны ў тэлеграме. Паралельна адбываецца ператрус.
Калі нічога “такога” не знаходзяць — вялікая верагоднасць, што абыдзецца без затрымання. Магчымасці карніцкай сістэмы па-ранейшаму не бясконцыя, а ізалятары не гумовыя.
На жаль, тэлеграм-канал Еўрарадыё, як і тг-каналы іншых незалежных СМІ, абвешчаны беларускімі ўладамі “экстрэмісцкім”. Як ні балюча нам прасіць гэтага, але калі на выбарах-2020 вы былі назіральнікам і цяпер застаяцеся ў Беларусі — адпішыцеся ад нас, калі ласка.
Мы любім вас і ведаем, што, калі рэпрэсіі скончацца, вы не забудзеце вярнуцца і падпісацца на нас ізноў. Але сёння вашая свабода для нас даражэйшая за лічбы ў статыстыцы.
Пакажыце гэты пост таксама і тым, для каго рызыкаў затрымання сёння няма. І папрасіце іх падпісацца на Еўрарадыё ў тэлеграме — цяпер для гэтага самы важны і зручны момант. Каб падпісацца, трэба перайсці ў @euroradio і націснуць “Далучыцца да канала” (Join channel). А мы працягнем працаваць для вас — сумленную журналістыку не задушыць страхам і пагрозамі.
Да таго ж чытаць нас можна і не падпісваючыся на канал. Проста набірайце @euroradio у радку для пошуку і праглядайце навіны. Са статыстыкі мы бачым, што шмат хто ўжо так і робіць — апошнім часам узровень уцягнутасці нашай аўдыторыі толькі павялічваецца.